СУКУ́ПНАСЦЬ ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ,
сукупнасць сац. аб’ектаў, якія належаць вывучэнню ў межах, азначаных праграмай сацыялагічных даследаванняў. Гэта аб’екты, якія маюць прасторава-часавыя межы або прадстаўляюць яўную ці гіпатэтычную мадэль пры інш. відах несуцэльнага назірання. Прасторавыя межы могуць быць геагр. (тэрытарыяльныя), напр., вобласць, раён, прадпрыемства, або вызначацца як занятае насельніцтва, дарослае насельніцтва ад 18 гадоў, вучні школ, работнікі прамысл. прадпрыемства і інш. Часавыя межы — перыяд і тэрмін, калі праводзяцца даследаванні (сезон, цыкл вытв-сці). Звычайна на практыцы даследуецца толькі частка С.г. (выбарачная сукупнасць), якая павінна з неабходнай дакладнасцю адпавядаць усёй С.г.
І.В.Катляроў.
т. 15, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)